ГЕРНГУ́ТЭРСКІЯ АБШЧЫ́НЫ,

рэлігійна-грамадскі рух у Прыбалтыцы ў 18—19 ст. Распаўсюдзіўся ў Латвіі з 1729 з мяст. Гернгутэ ў Саксоніі (адсюль назва). Вучэнне запазычылі ад «мараўскіх братоў» (гл. Чэшскія браты). Прапаведавалі працавітасць, беражлівасць і паслухмянасць, усе члены абшчыны называліся братамі і выбіралі са свайго асяроддзя старастаў. У гернгутэрстве лат. і эст. сяляне шукалі ратунак і вызваленне ад ням. памешчыкаў і пастараў. У 1743 Гернгутэрскія абшчыны забаронены. У 1764 Кацярына II дазволіла аднавіць дзейнасць Гернгутэрскіх абшчын. Найб. размаху яны дасягнулі ў 1-й пал. 19 ст. (у 1828 у Прыбалтыцы было больш за 40 тыс. гернгутэраў). У 2-й пал. 19 ст. колькасць абшчын скарацілася. Асобныя асяродкі руху існавалі і ў пач. 20 ст.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)